У вёсцы Кушляны, што каля Смаргоні,
знаходзіцца сядзіба Багушэвіча. Яна- помнік архітэктуры і зараз у её месьціцца музэй. Францішак Багушэвіч-
беларускі пісьменьнік, жыў і пісаў у дзевятнаццатым стагоддзі. З 12 год у
беларускім вызвольным руху, ад таго часу, як пачаў навучаньне ў гімназіі,
створанай на аснове Віленскага універсітэту. Удзельнічаў у паўстаньні 1863
году.

Вакол сядзібы
зялёны луг, дрэвы, недалёка поле і лес. Жадаючым экскурсавод, спадар Алесь, можа
расказаць пра жыцьцё пісьменьніка, пра паўстаньне, пра краіну ў той час. На
сьценах музэю –стэнды з кнігамі, дакументамі, некалькі пакояў абстаўленыя
мэбляй, якой карыстаўся Багушэвіч. Расповед для нас доўжыўся гадзіны паўтары. У адным з
пакояў стаіць пісьмовы стол, за якім сядзеў Багушэвіч. Тых, хто піша вершы, запрасілі
патрымацца за яго, можа, каб прыдбаць крыху натхненьня . Напрыканцы экскурсіі
сп.Алесь граў на дудцы. Калі яму спрабавалі апладыраваць, сказаў: ”Цішэй. Не адганіце
мелодыю, толькі ў сэрца прыйшла.” Граў
на дудзе і вялейскі дудар, таксама Алесь. Надалей пайшлі да старых дрэваў, што
растуць вакол хаты, праз лясок да каменю, ля якога Багушэвіч любіў пісаць
вершы. Яшчэ пад гэтым каменем ён захоўваў свае рукапісы. Захаваў: рукапісы
зьніклі, толькі памяць пра іх засталася. Да нас дайшлі ня ўсе яго творы. Да
каменю падыходзілі, дакраналіся рукамі і стаялі побач: ”Можа, перадасца што
добрае ад яго”. Пасьля хадзілі па двары, бачылі стары вяз, глядзелі ў студню...

Варта дадаць, што спыняліся каля брамы пры
дарозе недалёка ад сядзібы, заяжджалі да касьцёлу ў в. Солы, досыць
нязвыклага для вялейчукоў па пабудове: завітушкі пад дахам, сам белы, з
калонамі. Наведалі старыя камяні, на якія даўней прыносілі ахвяры. Вырашылі,
што і мы за продкаў ня горш, таксасма крыху ахвяравалі, але, мусіць, ня тое, бо
праз пару гадзін трапілі пад дождж.
Што наогул да падарожжа, то горача было, нават
душна, таму, калі летам сэрца прагне далучыцца да культуры, трэба прыдумаць і
нейкі адпачынак пасьля, каб не вярнуцца дадому стомленымі і з успамінамі кароткімі,
як бліскавіцы падчас навальніцы ўвечары (пад якой мы і адпачывалі).
Больш здымкаў глядзіце ў галерэі:
http://vialejka.org/gallery/jekskursija-muzejj-bagushjevicha-12-lipenja/