ВЯЛЛЯ, Вілія, адна з тых беларускіх рэк, якую згадваюць шматлікія паданні. Этымалагічна назву ракі звязваюць з індаеўрапейскім *vel-/ *vil-/ *vol-, зсемантыкай свету памерлых, але адначасова і з семантыкай плоднасці. Пра вяллю апавядае вялікая колькасць паданняў, але яны на першы погляд не складаюць сэнсавага адзінства. Тым не менш, калі спалучыць разам асобныя матывы розных паданняў, можна зрабіць дастаткова цікавыя назіранні. Вялля у паданнях шчыльна злучаная з вобразамі чарцей. Менавіта ім прыпісваюць паходжанне камянёў, нават і на дне самой ракі, і пагоркаў на яе берагах. Час ад часу ўказваецца, што чорт хацеў пры гэтым засыпаць ці спыніць раку. Матывы гэткага кшталту характэрныя пры тлумачэнні, чаму рэкі зрабіліся звілістымі. Простага тлумачэння гэтаму няма, але сама назва ракі і ўзгадка аднаго з паданняў, што імя красуні Вялляны (Улляны) пайшло ад яе гнуткага стану, сведчыць аб гэтай семантыцы. Безумоўна, трэба разглядаць паходжанне ўяўленняў аб сувязі камянёў з ракою яшчэ ў паганскія часы, калі на землях сучаснай Беларусі было пашырана шанаванне камянёў, у тым ліку, відаць, і ў вадзе (параўню Барысавыя камяні ў Дзвіне). Гэтае пакланенне можна звязаць з богам Вялесам-Воласам, які акрамя шматлікіх іншых «галін» апякунства быў і валадаром памерлых і надаўцам плоднасці. Фанетычныя і семантычныя судачыненні назвы ракі і нейкай істоты падмацоўваюць і балцкія прыклады. Літоўская назва чорта - velnias (пры velionis «памерлы» і Velines «дзень памінання памерлых») - паказвае невыпадковасць узгадак гэтага персаанажы ў паданнях аб Вяллі. З семантыкай чорта, Вялеса і іншага свету звязаныя і іншыя матывы паданняў пра Вяллю. Так, згадваецца, што непаслухмяныя і разбэшчаныя дачка і сын былі ператвораныя маці ў раку Вяллю і ў камень на яе беразе з выглядам чалавека і з адбітаю маланкай галавою. У іншым выпадку чорт падбухторыў Сцяпана-краўца адракчыся ад Бога, каб з дапамогай з яго боку дамагчыся кахання красуні Вялляны. Чорт быў забіты грамавой стралой, а Сцяпан ператварыўся ў камень. Слёзы ж Вялляны далі пачатак рацэ. Гэтыя матывы адсылаюць да агульнаіндаеўрапейскіх міфаў аб барацьбе Грымотніка са Змеем ці з яго заменай іншай істотай ніжняга свету. Пэўна можна казаць, што нават тыя паданні аб Вяллі, што дайшлі да нашага часу, сведчаць аб яе вялікай ролі ў старажытнай міфалогіі мясцовага насельніцтва (незалежна славянскага ці балцкага) і аб яе шанаванні. Нават яшчэ на пачатку нашага стагоддзя жыла памяць аб тым, што раней раку называлі «святой Вялікай ракой».
Андрэй Прохараў. Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. ілюстрацыя з кнігі К.Тышкевіча "Вялля й яе берагі"
Спасылка на навіну:
http://vialejka.org/1638-vjallja-vilija-belaruskaja-mifalogija.html
Адміністрацыя сайта можа размяшчаць артыкулы дзеля абмеркавання, не падзяляючы пункт гледжання аўтара. Пры выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт VIALEJKA.ORG АБАВЯЗКОВАЯ.