Увесь свет музычных гукаў можна падзяліць на тры вялікія часткі - паводле таго, якім спосабам гук вымаецца. З бубна гук выбіваецца, з дудкі - выдзьмуваецца, з гусляў - выдрымбваецца. Даўней, калі кожнае дзеянне чалавека стасавалася з пэўнай работай у тварэнні свету, музычныя інструмэнты таксама былі ў гэтым спадручнымі. Кожны з трох згаданых спосабаў атрымання гуку - названых намі бубнацкім, дударскім, гуслярным - меў сваё касмаганічнае значэнне. Роля кожнага з іх у тварэнні мела быць адрознай, удзел у раскрыцці свету - паслядоўным.
Падзел музычных інструмэнтаў паводле іх адрознай касмаганічнай работы адным аповедам (наратывам) не засведчаны і, наколькі вядома, дагэтуль не рэканструяваўся. Тым часам захавалася нямала сведчанняў пра мітыку кожнай з трох згаданых вялікіх групаў. Але нават дастасоўваючы адпаведны спосаб вымання гуку - бубнацкі, дударскі, гуслярны - да падставовага вобразу свету, да цела чалавека, - гэтая адрознасць віднее. Калі гук бубнацкі можа загучаць (найвыразней ад пляску далоні) з хоць якой (менш-больш пляскатай) паверхні цела, дык рэгіён вымання гуку дударскага ўжо шмат больш абмежаваны - збольшага выдзьмуваннем паветра з роту. Гук гуслярны зусім адмысловы - з цела цэлага жывога чалавека ён паўстае хіба з гайдання языка ў роце.
Ад бубнацкай адкрытасці праз дударскую трансгранічнасць да гуслярнай прыхаванасці - такі ланцуг сведчыцца таксама пасоўваннем углыбкі цела: са скуры робіцца мэмбрана на бубен, з косткі - дудка, з жылы - струна на гуслярны інструмэнт. Чым далей углыбкі цела, тым больш вытанчаецца матэрыял на музычны інструмэнт (струна з воласу яшчэ танчэйшая, але рэгіён галавы - зусім адрозны ад рэгіёну астатняга цела, пра яго гаворка асобная). Балцкія мовы прынамсі два апошнія матэрыялы пазначаюць зусім аднолькава: літ. kaulas, лат. kauls, пруск. kaulin 'костка', літ. gysla, лат. dzīsla, пруск. gisla 'жыла' - што істотна з гледзішча вяртання і нашых даславянскіх абазначэнняў.
Бубен - літ. būgnas, лат. bungаs - выдае гук (гукі), прызначэнне якога - быць мноствам. Гук бубнацкі - гэта найперш рытм, утвораны паўторам біцця. На паўторную прыроду паказвае і складнік нападніцкага шалу, які пры выманні бубнацкага гуку ўсё павялічваецца. Бубнацкае гранне выглядае завершаным дзеяннем пры такім вобразе, калі з кожным разам бубен б'юць усё мацней, грамчэй і хутчэй ды ўрэшце рытм пераўтвараецца ў неперарыўную ірваную куламесу гукаў і тое, што служыла бубнам ці было ім, разломваецца ў трэскі.
Біццё ў бубен - самае першае музыкаванне, першы пробліск да грання, яго зара. Узгадванне зары і ранку тут зусім дарэчы: гук бубнацкі - гэта пабуджэнне, пачатак урытмаванага руху. Літ. busti (bunda, budo) 'прачынацца, абуджацца' крыніцай слова мае пазначэнне біцця. Але біццё тут як біццё множнае, а не адзінкавы ўдар (як, напрыклад, у пруск. kirtis 'удар' - ад kirstun 'сячы'). Пабуджэнне пачаткова - гэта самы зачын актыўнасці пасля нерухомага спання. Развіццё значэння 'прабасцн, пратыкнуць' - вынік суаднясення з першым (пасля прачынання) часам сэрыі напаўхаатычных, яшчэ напаўсвядомых "праколаў", робленых рухам цела, у соннай дагэтуль тканцы навакольнай прасторы. Літ. busti - таксама і 'большаць, павялічвацца, расці', а таксама 'быць бадзёрым', і гэтыя значэнні выдаюць на першасныя, хоць бяз вобразу біцця і не ўдакладненыя.
Надзвычай развітую мітыку бубна засведчаная ў народаў, што шырокім пасам працягнуліся ўздоўж паўночнага берагу Эўразіі, ад Скандынавіі да ўсходняй канцавіны кантынэнту. Магчыма, сакральная спэцыялізацыя акрэсленага рэгіёну схільная мець гук бубнацкі за падставовую сакральную гукавую субстанцыю ў гэтай частцы Эўразіі. Тым ня менш, відавочна, гэта дазваляла духоўнікам народаў гэтых тэрыторыяў выходзіць і вольна зносіцца з такімі сакральнымі ўзроўнямі, касмалагічная спарадкаванасць якіх большая за першасную бубнацкую.
Важную ілюстрацыю дастаўляюць уяўленні сібірскіх аўтахтонаў, у якіх апекуном бубна, яго ўвасабленнем, быў дух Келегей (Кэлээні)1, які выяўляўся на ляскотцы, якой б'юць па нацягнутай на бубен скуры, альбо на ручцы з унутранага боку бубна. Гэты дух найвыразней увасабляе слаба спарадкаваную бубнацкую стыхію: ён юрлівы (просіць у прысутных пры абрадзе жанчын любошчаў, а калі якая згаджаецца - яе геніталіі адасабляюцца і паказваюцца на версе бубна), яго твар перакасавураны (нос пакрыўлены, адно вока пасаджанае вышэй за другое), ён кульгае і няўцямна, перарвана размаўляе, падобна да булькатання вады.
Келегей - гэта бы папярэднік перад цэльным светам духаў, у які напростваецца ход. Яго работа - прыводзіць духаў. "Дагані таго, хто ўсклізгвае, утрымай таго, хто ўцёк", - звяртаюцца да яго. - "Сусвету ты распасціся не даеш. З ілбом у выглядзе жалезнай лыжкі, з птушыным валлём з чорнага жалеза". Параўнанне з птушкай дазваляе казаць пра антрапаморфнае ўвасабленне той птушынай істоты, якая, паводле пашыраных паданняў пра стварэнне свету, нырае ўглыбкі сусветнага мора і вымае адтуль у дзюбе (у валляку) камяк зямлі.
На мадэлі бубна тады тая вадаплаўная птушка адпавядае бубнавай ляскотцы. Ляскотка б'е па скураной паверхні бубна паўсюль і раўнамерна, ажно пакуль не "намацвае" пэўнае месца, якое ў гэты момант адпавядае таму выпадкова праяўленаму месцу ў глыбінях сусветнага мора, адкуль птушка-нырок вымае зямлю. Можна сказаць, што дзея біцця ў бубен улучае дзве стадыі: у першай увага на скураную паверхню бубна, у другой - на ляскотцы, якая слугуе прыладай "перапампоўвання" намацанага-вынайдзенага да дзеяча. Бубен - "б'юць", ляскотка - "дрыжыць" (хоць і ляскотка б'е, і скура на бубне дрыжыць-вібруе).
Аднак другая згаданая стадыя, як уяўляецца, усё ж выходзіць па-за межы "ўласна бубнавага" дзеяння - бо яно хутчэй увасабляе мора і неспарадкаванае хваляванне ўнутры яго глыбіняў. Дрыготка ляскоткі - гэта нібы кіданне занырлай птушкі ў бакі ў тых глыбінях у пошуку зямлі, якая мо' дзеля таго кідання ў бакі (узнагародаю за высілкі) і ўзнікае. Але ляскотка відавочна адсылае на нечага наступнага, што ідзе за простым узьюраннем мора. Хоць бубен адбівае самыя першыя стадыі тварэння свету (пошукавы шал з надта малым спадзевам на развязанне), ляскотка пры ім паказвае на далейшыя магчымасці і развіццё касмаганічных падзеяў.
У цюркскіх мовах Сібіры адзінае паходжанне маюць словы: шаман, ляскотка на бубен, лыжка (як нешта набухлае і танкасценнае з падоўжаным адгалінаваннем), трыснёг - ад кораня кам. Агульнае рэканструяванае яго значэнне - 'збіраць разам'2 (параўнайма тут з блр. камар ці пруск. kamus 'чмель' - знанымі сімваламі збітага, сабранага разам мноства).
Але надзвычай адметна, што словам ад таго самага кораня (хамус) названы і шырока рытуальна ўжываны ў тым жа вялікім абсягу музычны інструмэнт дрымба (варган), які паводле спосабу вымання гуку стасуецца хутчэй з інструмэнтамі гуслярнымі - пра іх і іхную касмаганічную работу гл. ніжэй, пакуль жа зацемім збліжэнне сфэраў бубнацкага і гуслярнага гукаў у згаданым тэрытарыяльным абсягу, а таксама пэўную проціпастаўленасць да сфэры гуку дударскага.
Дуда - літ. dūdos, лат. dūdas - гэтак можна назваць ня толькі ўсё больш пашыраную ў нас сёння "дудку з мяшком" (літ. dūdmaišiai), але і ўсякі інструмэнт, які гучыць, калі ў яго дзьмуць, а сам ён падоўжаны, у сярэдзіне пусты скразным праходам (адтуліны для перабірання пальцамі могуць тут быць або ня быць).
Найбольш аўтарытэтная на сёння спроба ўбудавання інструмэнта дуды ў сакральны, касмаганічны кантэкст належыць дудоваму майстру Т. Кашкурэвічу. Даследнік звяртае ўвагу, па-першае, на забіццё казы (жывёлы-сімвала падземнага бога) будучым уладальнікам дуды дзеля скуры на мех, а па-другое, на сугучча назвы інструмэнту са словамі, што пазначаюць нябёснага Грымотніка праз дзеянне грымотаў: літ. dundėti, блр. дундзець 'грымець', літ. dundulis, блр. дундар 'гром'3.
З увагі на міталягічна засведчаную неаднароднасць касмаганічнага працэсу, такія паралелі вымагаюць удакладнення.
Літ. dundėti абазначае пэўным чынам характарызаваны надзвычайна гучны гук - гэта гук, што схільны да пашырэння навокал, паўсюдна: Pareita smarki perkūnija, dunda visi pašaliai (Прыйшла моцная навальніца, грымяць усе закуткі). Гэты гук нібы спахаджае непасрэднаму дзеянню Грымотніка - маланцы, папярэднічае ёй, абумоўлівае яе, цягне за сабой4. Такая ўвага на "акружжы" дзеяння лепш бачная ў значэнні 'гучна размаўляць' (вядзецца хутчэй пра "пабочныя" характарыстыкі гаворкі - працягласць, гучнасць, абставіны для іншага дзеяння, зьявы, - як пра змест), як і ў блр. дудукаць. Нядзіўна таму, што dundulis - яшчэ і 'марнамоўца', 'хуткамоўца'.
Множнасць, невыразныя канкрэтнасць і выніковасць такога (грымотнага) "дудукання" пазначаецца ў значэнні літ. dundėti 'парахнець, распасціся на дулькі, у пыл' - пра дрэва, кажух, тканіну, пра агонь (агонь выдундзеў = толькі залб засталася) ці пра розум (розум выдундзеў = няма памяці, хіба ўрыўкі). Збітасць, скамячанасць такой субстанцыі падкрэсліваецца ў літ. dundulis 'таўстун, таўстабрухі', 'камяк (пчолаў, снегу)', літ. dundė 'таўстазадая жанчына; нахаба', блр. дэдар 'смецце, пыл' (Павымеці ўсю дудар!), дудб 'дурань' (Дуда ты дурная!), дудаваты 'няўклюда'. Параўн. літоўскую загадку Dundulis kalnas, gelezinis arklas (Дундуль-гара, жалезны плуг) з адгадкай "хлеб і нож", дзе першае "Дундалева" слова відавочна адасобленае ад "маланкавага" дзеяння.
Аднак гэтая збітая субстанцыя ўсё ж мае сваю скіраванасць, яна не зусім аднародная. Падчас навальніцы Дундар дундзіць перад тым, як прарэзаць неба найвастрэйшай маланкай. І гэтае касмаганічнае "папярэднічанне" замацавалася ў візуалізацыі *duda-комплексу як пэўнай збітасці, што выцягваецца, гатовая выйсці з сябе навонкі. Важны праход, канал, дарога да выхаду - параўн. блр. дудоліць, дундзіць 'смактаць грудзі', літ. dūda 'membrum virile', 'азадак' (з цярэшкаўскіх спеваў: "Не ўцякай, бабулька, з раду, ўторкну дудачку іззаду"), 'доўгая трубка, што з печы праведзеная да бочкі, каб грэць духам ваду'.
Дуда як музычны інструмэнт можа быць і бяз меху; "дудка з мяшком" - гэта змадэляваныя па-за целам чалавека лёгкія разам з горлам-ротам (усё ж, відаць, лёгкія разам з мазгаўнёй /падвойная крыніца/ дый горлам-ротам - калі браць пад вока ня толькі дыханне, але і маўленне). Дудка - прылада для перапампоўвання навонкі пэўнага аб'ёму (паветра, вадкасці, семя, цяпла), прычым гэты аб'ём пры азняшненні структуруецца, уладкоўваецца, дае карысць свету - як словы, што азняшняюць-парадкуюць (шмат выразней за думанне) ахаваныя ў мазгаве мысленчыя павевы.
Дударскі гук - наступны пасля бубнацкага, больш спарадкаваны, гэта ўжо не зусім паўсюдны гукавы шал, але апантана скіраваны ў рэгіён, які мае напэўна адтуліць выхад навонкі.
Гуслі - літ. kanklės, лат. kokles - паходжанне і моўныя сувязі гэтых словаў (разам з балцкімі) дагэтуль застаюцца прасветленымі ў недастатковай меры.
Што да гусляў, дык, відавочна, гуслі - тое, што гудзе. І толькі ў балцкім моўным абсягу можам высветліць дадатковыя аспэкты гэтага славянскага слова, і гэта шмат больш дае для ўбудавання інструмэнту ў касмаганічны кантэкст. Маем на ўвазе літ. gusti, дзеяслоўныя формы якога (gunda, gudo) разам з інфінітывам выразна перагукаюцца з такімі "гуслярнымі" словамі, як блр. гусцн, гудзець, рас. гундорить 'гутарыць' (цверск.), гундавить 'невыразна размаўляць' (цверск., пскоўск.), гундосить 'выпрошвальна звяртацца' (пскоўск.).
Літ. gusti значыць 'прызвычайвацца'. Найчасцей - прызвычайвацца нешта рабіць, з акцэнтам на "даўнасць" таго раблення, зжытасць з ім. Таксама - прызвычайвацца да нейкага месца ("усе куткі, усе катухі"), людзей (якія праз такую прызвычаенасць да іх робяцца нейкімі адмыслова роднымі). Другое значэнне слова - 'мудрэць' (перш - мець досвед у тым рабленні, да якога прызвычайвалася, мець у ім абазнанасць). Аднакарэннае з ім - gundyti 'спакушаць, падахвочваць, намаўляць' (ня толькі ў кепскім сэнсе, але, у зваротнай форме, наахвочвацца самому, "імкнуцца да авалодвання дзеяннем"): Boba liežuviu ir velnią sugundys (Баба языком і чорта падахвоціць). Адпаведна, pagunda - 'спакуса, поцяг, падахвочанне'.
Злучэнне гэтых двух моўных балта-славянскіх аскепкаў (музычнага гуслярнага ды "спраўнага"), падаецца, магчымае адно ў касмалагічнай відалі. Той "спраўны" аспэкт удакладняе нэўтральны (як падавалася б) музычны ў дзеянні гудзення. Гудзець, такім чынам, - адчуваць поцяг да нечага такога, што "далейшае за гудзенне". Гудзенне - гучанне не самадастатковае, але некуды памкнутае. Калі працягваць натхняцца вобразам нябёснага Грымотніка, дык гудзенне ўжо зусім набліжанае да высвячэння маланкі, шмат бліжэй за дундзенне. Такое гудзенне ўжо самое амаль маланка. Гэта яшчэ большае, яшчэ шчыльнейшае згушчэнне (параўн. літ. gusti і блр. гусцець) у "акружжы" маланкі.
Якая касмалагічная дынаміка характэрная для такога гудзення? Дзеля высвятлення гэтага прыдасца разгляд балцкай назвы для гусляў. Літ. kanklės 'гуслі' - множнага ліку, гэтае ж слова ў адзіночным ліку kanklė значыць 'тонкі дрот', 'сетка рыбака', таксама 'нешта ссохлае'. Апошняе можна паінтэрпрэтаваць як "зменшанае ня толькі ў часе (з часам), але і ў прасторы". Прыгадайма будову рыбацкай вуды - вудзільна стончанае да канца, які "перацякае" ў яшчэ танчэйшую (і таму нават ня цвёрдую) леску. Рыбакова работа (як з сеткай, так і з вудай) надзвычай касмаганічная - з зусім нясчэпленай, нетрывалай вады выцерабіць трывалы і адчувальны "згустак" той вады, рыбіну.
Найбольш прыдатны вобраз тут сапраўды вуда - бо патанчаецца ў канцы. А патанчэнне ўжо самое па сабе напружанае - параўн. літ. kankėti 'пакутаваць', kеnkti 'рабіць балюча, наносіць шкоду', пруск. kanksta 'выхаванне, дысцыплінаванне', але і пруск. kakint 'дасягаць', літ. kakyti 'кранацца дна ў вадзе (у рэчцы, возеры), брыдучы ўпоперак плыні', kakti (kanka, kako) 'ісці, выпраўляцца, вандраваць (кудысьці); дасягаць ідучы; зрабіць, выканаць да канца', sukakti 'дачакаць пэўнага часу (споўніцца), адбыць пэўны час счакаўшы, дачакацца пасля доўгага чакання'. Супольны вобраз, што яднае ўсе гэтыя прыклады, - высільванне, вытанчэнне дзеля пэўнай мэты, калі дзеля сціскання падаўжаецца і шлях, і час на яе пераадоленне.
Падобнае проціпастаўленне ("жаданая мэта" - "пакутлівае, выпрабоўніцкае імкненне да яе") характэрнае і для літ. gudrus 'кемны, разумны' (у сэнсе "абазнаны"), вытворнага ад прыкмечанага вышэй gusti. Параўн.: Ir kvailą žmogų nelaimė gudriu padaro (І глупага чалавека няшчасце разумным робіць), Gudriems gudri nelaimė (Для разумнага і няшчасце разумнае), Ir gudriojo ne visada teisybė (І разумнага не заўсёды праўда), Vyras gudrus kap vilkas, o žmona prašmatni kap lapelė (Муж кемны як воўк, а жонка ўчэпістая як ліска). Такая "разумнасць", такім чынам, заўсёды звязаная з выпрабаваннямі, з навучаннем і "пазытыўным" падчас яго няшчасцем, з проціпастаўленнем станаў здабытай абазнанасці ды папярэдняга няўмецтва.
Што да натанчэння ў дачыненні да "гуслярнага гудзення", дык варта яшчэ згадаць: літ. gudė 'прылада для навострання касы, нажа, брусок, тачыла; похвы на тачыла', gudėti 'навострываць з тачылам', а таксама gudkarklas (гудава вярба) - расліна брэднік, "расце ў раўчуках", чырванейшая, галінкі цвярдзейшая за звычайную вярбу, хоць сама хутчэй куст, чым дрэва, gudlelijė (гудава лілея) - расліна касач ("ваўчыная каса", "жоўты меч"), gudnoterė (гудава крапіва) - крапіва, меншая (і "зласнейшая") за звычайную, лекуе запоры, боль у нагах. Як бачым, расліны з пазнакай "гудавая" (gud-) звязаныя з вастрынёй з прызначэннем пераадолелення. Прычым, "гудавыя" расліны - часта толькі нагадваюць тыя расліны, паводле якіх яны названыя і на якія падобныя (pseudo-), але іх уласцівасці мацнейшыя, яны нібыта "небяспечнейшыя" за тыя звычайныя.
Гэта адтуляе яшчэ адзін цікавы абсяг - маем тут на ўвазе назву гуды, gudai, якою на ўсім прасцягу ад Прусіі да ўсходняй Літвы называюць тых, хто (звычайна на ўсходзе) размаўляе іншай гаворкай. Зважаючы на моўнае гняздо пры гудзець, гусці С. Каралюнас прапанаваў быў уважаць гудаў за "тых, хто няўцямна (іначай, адрозна) размаўляе". Зважаючы на пруск. guddi 'кустаўё', Ул. Тапароў прапанаваў параўнаць гудаў са схаванымі ў гушчарох апошнімі паганцамі (ням. heidnisch). Як уяўляецца, абедзве мовазнаўчыя вэрсіі могуць быць прылучаныя да выкладзенага намі вышэй кантэксту (у разе з вэрсіяй Ул. Тапарова - праз уяўленае, але зусім магчымае "пруска-беларускае (-славянскае)" *густое гудаўё як 'зарослае кустаўё').
Гуды ў гэткай відалі першапачаткова мелі паўставаць ня гэтулькі як "людзі ўсходу", "людзі з няўцямнай гаворкай" або "лясныя ўцекачы" - але як пэўная (этнічная альбо станавая) супольнасць, праз сваю "сакральную спэцыялізацыю" больш датычная да пэўнай касмаганічнай работы. Вядомыя ў Літве прымаўкі з відавочным сакральным кантэкстам - "дзевяць гудаў аднаго казла рэжуць", "заблукаў, бы гуд у трох дубах", "ты ў лазню перадам, а гуд - задам" (таксама эпітэт "гудаў" у значэнні "вельмі доўгі, працяглы" - пра прастору і час; гл. вышэй sukakti і інш.) - тады, суадносячыся з назвай насельнікаў земляў на ўсход ад іх, крывічоў (крэваў, "святароў"), набываюць самастойны кантэкст.
Важна адзначыць, што літ. gudas значыць ня толькі 'чалавека іншай гаворкі/мовы' (такога гергетуна, з павялічанай ступенню "шуму" ў мове, адпаведна, з "узмоцненай" мовай), але і 'нямотнага немаўля'. Якраз гэтыя дзве характарыстыкі вылучаюць з усіх птушак бусла - ён, з аднаго боку, зусім пазбаўлены мовы, нямы, а з іншага - здольны вельмі моцна і чутна шчоўкаць дзюбай (надзвычай вытанчанай, выдаўжанай - роўна ў камара). Літ. gandras, пруск. gandars 'бусел' якраз і звязваецца з дэрыватамі ад гудзець (рас. гундеть). Пры гэтым бусел - птушка, прысвечаная ў старажытных грэкаў богу Гермэсу, вынаходніку "грэцкіх гусляў" - ліры. Ліру Гермэс зрабіў з панцыра чарапахі, а ў яго ўжо яе вымяняў "гусляр" Апалон5. Адзначым, што Гермэса Зэўс прызначыў сваім вестуном, а таксама вестуном бога апраметнай Гадэса, ды ўсклаў на яго ўлажэнне дамоваў і забеспячэнне вандроўнікам бесперашкоднага праходу дарогамі.
З грэцкім паданнем пра вырабленне першых "гусляў" Гермэсам з чарапахі перагукаецца сведчанне фінскай "Калявалы" пра вырабленне Вяйнэмёйнэнам гусляў (kantele - фінскае слова, што ўважаецца за запазычанне з балцкіх моваў) з Сусветнага шчупака: "З чаго ён зрабіў скрыню? Са шчупаковай сківіцы. З чаго ён калкі зрабіў? Са шчупаковых зубоў. З чаго ён зрабіў струны? З конскіх валасоў"6. (Зацемім, што перад гэтым спадарожнікі, у ліку якіх і Вяйнэмёйнэн, просяць, патрапіўшы з чаўном пасярод вады на парогі, у Гаспадыні парогаў "спрасці ніту з хмары, з імглы, з найтанчэйшага туману", каб "нёсся човен воднымі струямі ўздоўж той ніты" - і ўрэшце, бы ў водгук ім на гэта, яны аказваюцца на спіне валатоўскага шчупака, якога толькі рассёкшы, можна плысці далей.) Згадайма і старажытнарускую быліну пра Садко, які грае на гуслях на беразе возера, з якога на гукі выплывае цар-рыбіна.
З гуслямі, паводле "Калявалы" звязаная і птушка зязюля. Куваць зязюля пачынае з вясной (бусел прылятае таксама ў гэты час) і абвяшчае тым галоўным чынам пачатак новага году. У літоўскай мове назва зязюлі gegužė роднасная назвам шэрагу вадаплаўных птушак, што бяруць удзел у тварэнні свету праз здабыццё зямлі з дна вады, - gеgalas 'нырок', gaigalas 'вуцяк' і нават gagalas 'бусел'. Сфэра гуку гуслярнага, трэба думаць, пачынаецца з вясной, са сканчэннем "мужчынскай" паловы году і пачаткам "жаночай".
Напружанне касмагоніі - мужчынскія бавы. На восеньскае раўнадзенне нырок нырае ў мора, на зімовае сонцастаянне дасягае дна і здабывае там зямлю і на веснавое раўнадзенне вынырвае і выплёўвае зямлю навонкі. Нырок мусіць мець вытанчаную шыю, каб дацягнуцца дна, і вытанчаную дзюбу, каб дастатае выцягнуць навонкі.
Трэба думаць, назва гусляў дастасоўваецца хутчэй не да пазнейшых шматструнных інструмэнтаў, але да даўных першых засведчаных струнных у выглядзе (найбольш архаічна) жылы, заціснутай з аднаго канца зубамі (параўн. назву гусляў на мансійскай мове - "драўляная шыя жорава"). Водгук гэтага, відаць, захаваўся ў распаўсюджанай форме гусляў - да аднаго канца выцягнутых і вытанчаных.
Касмаганічная работа гуслярнага гуку адбываецца па той і па гэты бок. Вытанчаны гуслярны гук - такі "экстракт" з усяго папярэдняга развіцця перад канчатковым станаўленнем завершанага створанага свету. Гэты гук прысутнічае і па той бок, дзе яшчэ раве дуда, але дудою ён заглушаецца. Зрэшты, пераход ажыццяўляе менавіта гуслярны гук - тонкі, як сама богава маланка. Гуслярны гук прысутнічае, відаць, на ўсіх трох прадкасмічных стадыях, але толькі на завяршальнай, гуслярнай стадыі ён становіцца пераважным, хоць і найцішэйшым. Гуслярны гук гучыць як дзумчэнне пчалы ці, яшчэ выразней, камара (адсюль, як можна думаць, зьяўленне такога пэрсанажа ў "дударскіх" тэкстах - бо камарова джала і голас найтанчэйшыя).
Новы свету зачын выглядае так: на каменным крэсле сядзіць прыўкрасная Лайма і трэнькае на гуслях, на якіх нацягнутыя яе ж даўгія залатыя валасы.
1. Шаманизм и ранние религиозные представления. Сб. статей. (Этнологические исследования по шаманизму и иным ранним верованиям и практикам. Т. 1). Москва, 1995. С. 110, 183, 199; Функ Д. А. Телеутское шаманство: традиционные этнографические интерпретации и новые исследовательские возможности. Москва, 1997. С. 39-49. 2.Сагалаев А. М. Урало-алтайская мифология: Символ и архетип. Новосибирск, 1991. С. 43-51. 3. Кашкурэвіч Т. Літоўская дуда. Інструмент-міф // Druvis. Almanach centru etnakasmalogiji. № 2. 2008. С. 101-113. 4.На важнасць сэнсавага адрознення розных стадыяў навальніцы (у прускай мове: kupsins – agla – mirklini) звяртаў увагу Ул. Тапароў: Топоров В. Н. Прусский язык. K – L. Москва, 1984. С. 297. 5. Апаладор. Міталягічная бібліятэка. ІІІ 10, 2. 6. Калявала 40, 235-240.
Алесь Мікус, 2/ІІ – 09 г., на Грамніцы
Спасылка на навіну:
http://vialejka.org/1649-bunda-d363domis-gudai.-pra-buben-dudu-i-gusli.html
Адміністрацыя сайта можа размяшчаць артыкулы дзеля абмеркавання, не падзяляючы пункт гледжання аўтара. Пры выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт VIALEJKA.ORG АБАВЯЗКОВАЯ.