Даўно хацелася раскрытыкаваць гарадское Купалле, асабліва апошніх гадоў. Але крытыкаваць мы ўмеем усе і ўсё. Яшчэ адзін негатыў у скарбонку горада? Навошта? Дзеля чаго? Крытыка любой зьявы, падзеі, імпрэзы - я веру - мусіць быць канструктыўнай і натхняць на будучыню. А не забіваць яе. Усе ведаюць як горш. А як лепш? Вось і мне часам нешта не падабаецца, а як зрабіць, каб падабалася - дык, бывае, і ня ведаеш.
Літаральна нядаўна ўзнікла магчымасць КАНСТРУКТЫЎНАЙ крытыкі нашага гарадскога Купалля. Дык не магу яе не скарыстаць.
Па-першае, экскурс ў сутнасць самога свята.
Купалле, згодна старажытнай традыцыі, гэта свята сонцазвароту, свята самай кароткай ночы ў годзе, калі ўшаноўваецца і вада, і агонь, і зямля, і неба. Але сама назва найперш адсылае да вады, да ейных жывільных і апладняльных якасцяў. Самая кароткая ноч у годзе (калі РАПТАМ хтосьці яшчэ ня ведае) - з 21 на 22 чэрвеня. І калі вам падалося, што самая кароткая ноч з 6 на 7 ліпеня - значыць, вы знайшлі ня кветку папараці, а падобна, што канопляў ;).
фота Андрэя Лянкевіча
Сапраўднае Купалле - гэта, па шчырасці, ня сцэна і праслухоўванне ўнылай папсы, гэта - карагоды і шалёныя скокі праз вогнішча, гэта экстатычная музыка бубнаў і дуды, гэта агні і вянкі на рацэ, гэта купанні ўначы і качанні па ранішняй расе. Гэта вялікай магуты эмацыйны разрад.
Сапраўднае Купалле не арганізуеш на ўзроўні Дома культуры. Гэта - народныя гулянні, дз кожны ўдзельнік і ёсць арганізатарам.
Але пакінем "сапраўднае" Купалле летняму сонцазвароту і аматарам аўтэнтыкі.
Штогод, у ноч з 6 на 7 ліпеня, мы збіраемся на масавую тусоўку ў ніжнім парку каля Васьмі таполяў і называем гэты цудоўны момант таксама Купаллем...
Я, як чалавек неабыякавы да свайго горада, шмат думала пра тое, што хочацца нечага большага, лепшага, чым ёсць. Быццам бы свята існуе, але сэнс яго нейкі мутны, размыты, месцамі супярэчлівы, адсылае да іншага часу па календары. Дый наогул...
І тут я натыкаюся на цікавую інфармацыю. Аказваецца, ёсць гарады, якія штогод улетку адзначаюць свята той ракі, на якой яны стаяць.
Атрымліваецца што? Па сэнсе атрымліваецца таксама Купалле. Але там ушаноўваецца не абстрактная вада ў момант Х, а канкрэтная рака! І няма агучаных супярэчнасцяў. А ядро свята - гэта песні, вершы, розныя пастаноўкі ў гонар сваёй ракі.
Глядзіце, што мы маем, калі перанесці на наш выпадак. Атрыбутыка застаецца тая ж самая. Тая ж сцэна, тыя ж выступоўцы, той жа слуп з гарэлкай, тыя ж палаткі з перакусам. Але кардынальна мяняецца матыў. Свята Купалля ўжо ідзе ў гонар Вяллі і яе прытокаў (мы маем аж тры рэчкі у межах горада!). Канцэпцыя канкрэтызуецца.
фота Андрэя Лянкевіча
Любы арганізатар скажа, як цяжка шчыра працаваць, калі канцэпцыя свята заключаецца прыблізна ў наступным: "заняць нечым гараджан ад такога часу да такога". Але калі свята мае свой сэнс, свой міф, калі хочаце, - дык гэта проста маліна для творчых людзей. Гэта ўжо ня планавае мерапрыемства, а сапраўдны твор, які дае адчуванне, што дзень пражыты не дарэмна.
Гарадское Купалле - свята Вяллі і яе прытокаў. Што вы думаеце? Ну, скажыце, што гэта цудоўна гучыць! :).
Якія тут плюсы? Па-першае, усё становіцца на свае месцы. Свята Вяллі як частка купальскага цыклу, не звязаная ўжо з сакрумам самай кароткай ночы ў годзе, набывае завершаны і арганічны вобраз бяз штучных прыпадабненняў.
Па-другое, лягчэй працаваць з рэпертуарам, які гучыць са сцэны. Тэма, так бы мовіць, зададзена.
Трэці момант вымагае рэфлексій. Я думаю, усім вядома, што добрыя, сардэчныя словы любую ваду робяць святой, гаючай. Гэта навукова даказаны факт. Паглядзіце на нашу бедную, зняважаную Пляснянку, між іншым, цэнтральную артэрыю горада. Гэта вада крычыць аб добрым слове. А што чуе ад вас? Паўтараць знявагаў ня буду.
У нашым свеце, дзе нібыта ўсё купляецца і прадаецца, добрае, бескарыснае слова, пачуццё удзячнасці выціскаюцца з жыцця. І мы адзін аднаму забываем казаць добрыя словы. Што ўжо згадваць пра раку, горад, краіну?.. ТАМУ гэткі фармат свята набывае і духоўны змест, і выхаваўчы. Асабліва калі заўважыць, што на яго прыходзяць дарослыя з дзецьмі. Адзін выхаваны чалавек - гэта часам вельмі шмат для горада.
Вялікі патэнцыял для свята, дарэчы, мае міфалогія і гісторыя Вяллі і ейных прытокаў. Т.б. нягрузныя сцэнкі, п'ескі на гістарычную і міфалагічную тэматыку - гэта надзвычайны падарунак для тых жа дзяцей і людзей, якія прыходзяць ня дзеля п'янкі.
Вось такія цікавыя думкі наведалі мяне :). У нас у Вялейцы шмат творчых людзей. І я веру, што Купалле не заглохне, а наадварот, зможа праявіць наш мясцовы каларыт, якім бы яно не было - ці Купаллем, ці святам Вяллі, ці яшчэ чым пакуль непрыдуманым...
Эліза Волат-Лужынская
Спасылка на навіну:
http://vialejka.org/1753-garadskoe-svjata-kupallja-abo-sproby.html
Адміністрацыя сайта можа размяшчаць артыкулы дзеля абмеркавання, не падзяляючы пункт гледжання аўтара. Пры выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт VIALEJKA.ORG АБАВЯЗКОВАЯ.
Чарговы раз прапануецца замяняць адзін сэнс другім? Ну-ну… Не магу не працытаваць: …значная колькасць культработнікаў даволі павярхоўна разбіраецца ў пытаннях купальскай абраднасці. Адсутнасьць дастатковых фальклорна-этнаграфічных ведаў у гэтай галіне прыводзіць да няправільнай творчай трактоўкі асобных фрагментаў свята.
Так ва Ушачах і некаторых іншых мясцінах галоўнай дзеючай асобай стаў Нептун — персанаж старажытнарымскай міфалогіі, прысутнасць якога на Купаллі ўшчэнт разбурае беларускую народную традыцыю. Пошукі «новага» прывялі да таго, што ў Століне на свяце летняга сонцастаяння ля ракі Капанец з’явіліся такія персанажы як «акула», «селядзец», «язва» і «лапа»! Падобныя мясцовыя аметнасці… знішчаюць Купалле як духоўную з’яву беларускай культуры.
Няведаньне сэнсу і значэння таго ці іншага абраднага дзеяння прыводзіць да таго, што… ў выніку свята ператвараецца ў падробку пад Купальле, няправільна арыентуе гледачоў на ўдзел у святочных дзеяннях. Гуд П. А. Беларускае Купалле: кампазiцыя i семантыка абрадавых дзей, Мн. 2006 — с. 9– 10
Skepsys, Свята Купалля ніякага дачынення ня мае да 6-7 ліпеня. Таму і зьяўляюцца ўсе гэтыя "акулы", бо сапраўднае купалле ў гэты час праводзіць недарэчна. Космас супраць :). Як мой муж трапна заўважыў: гэта ўсё праваслаўная паталогія галаўнога мозгу :).
Skepsys, ёсь людзі, якія мяняюць гісторыю, а ёсь тыя, хто валочыцца за ёй следам. Вось і ўся філасофія.
Дарэчы, хутка па юліянскім календары Купалле будзе святкавацца з 7 на 8. А там ужо і восень не за гарамі. Вы лічыце гэта нармальным? Вы лічыце, што нічога ня трэба мяняць?.. Як мы йшлі з экспедыцыяй, дык заўважылі адну натуральную рэч: купалле хуткімі тэмпамі выраджаецца ў нешта абсурднае. Бабулькі не святкуюць даўно. А культработнікі кормяць усякай хернёй. Нават у Вялейцы сёння (дзе быццам бы вялікая супольнасць і сталая традыцыя мусіць быць) гарадское купалле зусім ня тое, што было, скажам, гадоў 40 таму. Лепей сказаць, яно зусім ніякае. Яно знікае. І гэта нармальна, я лічу. Яно адродзіцца ў свой час тады, калі яно і павінна быць.