Восеньскае раўнадзенне (22 верасьня н.с.) нашыя продкі адзначалі як сьвята хатняга агменю, сямейнага шчасьця й дастатку. З гэтага часу жыццё перасоўвалася з вуліцы ў хату. Таму трэба было ўвесь час падтрымліваць агонь, які даваў і цяпло, і неабходнае ў раннія вечары сьвятло. Прастора згортвалася да памераў хаты.
У даўнія часы людзі ведалі, якія дзеянні і крывачыны* неабходна зьдзясняць, каб мець у жыцці дастатак, шчасьце, спор у працы. Традыцыйныя абрады ўшанавання стыхіяў і сілаў прыроды выхоўвалі ў падрастаючых пакаленняў паважнае стаўленне да навакольнага сьвету, да ўласнай зямлі як увасаблення Айчыны. Восеньскі абрад ушанавання хатняга агменю выхоўваў павагу да каштоўнасьцяў сямейнага ладу, праграмаваў прастору на дастатак і абароненасць у халодную пару.
Што захавалася
Даўнія магічныя дзеянні восеньскага раўнадзення захаваліся ў выглядзе сялянскіх народных сьвятаў - Жаніцьбы Коміна і Багача. Жаніцьба Коміна ці Пасьвета сьвяткавалася пераважна на Палессі, хоць вядомыя запісы сьвята і з іншых мясьцін. Галоўная дзея сьвята - ушанаванне агню, што дае сьвятло (лучніка, пасьвета). Яго ўпрыгожвалі ручнікамі, кветкамі, хмелем, сьпявалі песьні.
У Заходняй Беларусі найбольш сьвяткавалі Багач. Багач - гэта кошык, напоўнены жытам, у якім стаіць запаленая сьвечка. Злучэнне сьвечкі й жыта адлюстроўвае жыццядайнае сьвятло сонца, якое чалавек спажывае праз сабранае зерне. Паводле традыцыі Багач быў адзін на ўсю вёску - з году ў год яго пераносілі ў розныя хаты, гаспадары якіх па чарзе былі аберагальнікамі дабрабыту, ураджайнасьці, плоднасьці.
Як сьвяткаваць цяпер
Сучасны сьвет кідае выклікі, справіцца з якімі мадэрнай культуры відавочна цяжка. Але ж і вярнуцца да аграрнага сялянскага ладу уяўляецца немажлівым. Выхад тут можа быць у культурным сінтэзе традыцыйнага і сучаснага.
Каб адзначыць сьвята хатняга агменю, запраграмаваць жыццё ў доме і сям'і на дабрабыт і ўшанаваць памяць і традыцыі продкаў, не абавязкова мець у хаце печ з комінам ці пасьвет. Дастаткова толькі жадання. Насыпце ўвечары 22 верасьня ў прыгожую пасудзіну ячневай ці аўсянай крупы, устаўце ў цэнтар сьвечку. Увечары, як сьцямнее, запаліце агонь і пастаўце ваш уласны Багач на покуці**. Падзякуйце жыццю за тыя дастаткі, якія вы маеце, і пажадайце далейшага сямейнага шчасьця й дабрабыту. І так яно й будзе. *крывачын - рытуал **не забывайце пра асьцярожнасьць - калі сьвечка будзе дагараць, сачыце каб не закурэла зерне.
Якуб Волат
Спасылка на навіну:
http://vialejka.org/1984-bahacz-vosienskaje-raunadziennie.html
Адміністрацыя сайта можа размяшчаць артыкулы дзеля абмеркавання, не падзяляючы пункт гледжання аўтара. Пры выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт VIALEJKA.ORG АБАВЯЗКОВАЯ.