У выглядзе вялізнага лысага дзеда з даўгою сівой барадой уяўляўся старажытным ліцьвінам бог зімы і маразоў Зюзя. Ходзіць Зюзя з жалезнаю булавой па лесе, і як разлуецца, дык бье той булавою па пні, і вось тады пачынаюцца моцныя маразы. А калі ранкам пройдзіць ён па якому вадаёму, дык добра чутна як трышчыць ад яго вагі лёд. Разам з ваўкамі-вятрамі, змагаецца Зюзя зь Пяруном на баку Вялеса. Шукаюць яны жонку Пяруна Каляду-Грамаўніцу, якая ў Калядную ноч павінна нарадзіць бога сонца Дажджбога.
Злуецца Зюзя, што не можа ніяк знайсьці Багародзіцу, і калі не будзе залагоджаны, дык можна моцна пацярпець ад яго гневу. Замарозіць ён азімыя пасевы, альбо яшчэ горш: сядзе на хату, і раструшчыць яе сваёю вагой. Таму Зюзе прыносяць ахвяру: “садзяць яго на куцьцю”. Пад час каляднай вячэры клікаюць: “Мароз, Мароз! Ідзі куцьцю есьці!”, і першую лыжку кідаюць праз вакно.
Але не трэба лічыць Зюзю адмоўным персаанажам: яго любілі і шанавалі. Ён будаваў масты праз рэкі і балоты, рабіў добрымі дарогі і здаровым паветра. У час яго панаваньня ў чалавека было найбольш вольнага часу: ніякіх табе палявых работ, сядзі на пячы, ды пляці лапці, сеткі, кошыкі, ці чыні вопрадку, ды рознае майно.
У храсьціянстве вобраз Зюзі адлюстраваўся ў добрым сьвятым Міколе, які ўвабраў і некаторыя якасьці Вялеса. І зараз прыходзіць ён да нас у выглядзе Санта-Клауса ці Дзеда Мароза і прыносіць падарункі. Не забудзем і мы пачаставаць Зюзю куцьцёй.
Спасылка на навіну:
http://vialejka.org/2007/02/03/zjuzja_na_dvarje__kuccja_na_stale.html
Адміністрацыя сайта можа размяшчаць артыкулы дзеля абмеркавання, не падзяляючы пункт гледжання аўтара. Пры выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт VIALEJKA.ORG АБАВЯЗКОВАЯ.
Гэта вельмі цікавая тэма - дахрысьціянскія вераваньні беларусаў. Што мы ведаем сёньня пра пантэон багоў нашых продкаў? Якія сьвяты ўвабрала ў сябе хрысьціянства? Дзе гэты пласт культуры, які сёньня вядомы толькі дасьледчыкам-адмыслоўцам?