Прырода шчодра адарыла нашу Вілейшчыну сваімі багаццямі – лясамі, палямі, лугамі, рэкамі і азёрамі, якія верна служаць людзям. Але ёсць яшчэ адна рыса гэтых краявідаў – камяні.
Раней мы гаварылі аб камянях, як аб непатрэбных для судаходства пераградах. Цяпер жа мы будзем гаварыць аб камянях, як аб гістарычных каштоўнасцях.У звычайных камянях сышліся разам прырода, гісторыя і культура.
Паходжанне валуноў (так называюць навукоўцы камяні памерам звыш 10 см.) у асноўным ледавіковае. Іх апошнія прынеслі ў нашу мясцовасць з поўначы – са скандынаўскага і Кольскага паўвостраваў. Гэта адбывлася на працягу многіх тысячагоддзяяў. Апошняе зледзяненне на тэрыторыі Беларусі адбылося каля 18000 гадоў таму. Пасля растаяння ледавіка з яго вод і утварылася Нарачанска-Вілейская і іншыя нізіны. Акрамя таго, тут засталося шмат разнастайных камянёў.
Асаблівую цікавасць набываюць камяні незвычайнай формы з рознымі знакамі. Адным надавалі звышсілу і пакланяліся як святым, другія лічылі чортавымі або ведзмінымі і стараліся абмінуць іх.
Так, пры дарозе з Куранца на Савіна ляжыць вялікі валун, часткова ўжо разбураны. Называюць яго і народзе Комсіным камянём. Паводле падання, калісці тут была хата шаўца Комсіна. На Вялікдзень ён вырашыў пашыць не адну пару ботаў, як у звычайны дзень, а дзве.Але наўзабаве пачалася навальніца, загрымеў гром, ударыла маланка, забіла шаўца і спаліла хату, на месцы якой і з”явіўся той камень. Вялікую цікавасць у навукоўцаў ды і неабыякавых да гісторыі людзей выклікае “Варацішын хрэст” – звонападобны камень з выбітым крыжам і вышэйуказаным надпісам, датуемым 12 стагоддзем. Яго яшчэ называюць Барысавым каменем. Знаходзіцца ён на беразе ракі Віліі ў Камена. Вёска і абавязана валуну сваёй назвай. На вяршыні каменя толькі цяпер былі выяўлены некалькі ямак – так званыя сляды. Гэта прыводзіць да высновы, што камяню пакланяліся яшчэ пры язычаскай культуры, больш тысячы год таму. Гаспадыня агарода, у якім знаходзіцца волат, паказала яшчэ адзін камень, вяршыня якога ледзь выступае летам сярод бацвіння з зямлі, і расказала паданне. На гэтым месцы вельмі даўно жылі два браты, на гародах якіх па суседзтву ляжалі два падобныя валуны. Пад імі браты хавалі, не тоячы адзін ад другога, золата і грошы. Аднойчы ноччу малодшы брат рашыў украсці ў старэйшага яго багацці і пачаў падкопвацца пад братаў камень. Праца была не з лёгкіх. Давялося выкапаць вялікую яму, і ў момант апускання ў яе валун абваліўся туды і навякі пахаваі сквапніка да чужога дабра. А той камень і цяпер ляжыць у зямлі, толькі бачны яго верх. Непадалёку ад мяжы з Вілейскім раёнам, каля вёскі Крамянец, ляжыць незвычайны камень па назве Дажджбог, якому людзі пакланяліся, калі патрэбна было выклікаць дождж, вылячыцца ад хваробы, выратаваць жывёлу. Сюды абавязкова прыходзілі з пэўнай ахвярай, а ў лункі – сляды камяня жменяй налівалі ваду з бочкі без дна, што стала побач, і лічылі святой.
Ёсць яшчэ камяні, якія называюць быкамі ці валамі. Непадалёку ад в.Сцебаракі ў лесе знаходзяцца некалькі такіх валуноў са знакамі, тайну якіх вучоныя не толькі з Беларусі, але і з іншых краін немогуць пакуль што раскрыць. Некалькі цікавых каменных крыжоў знаходзяцца на старых могілках раёна, аднак большасць з іх ужо даўно знішчана вандаламі і прапалі назаісёды.Другія неабходна проста выратаваць.
Каля в.Зачарная, што ў Хаценчыцкім сельсавеце, у лесе знаходзяцца каменныя магілы – месца захавання людзей дахрысціянскага перыяду. Камяні выкладзены па правельнаму кругу дыяметрам каля 10 м. Ім больш 1000 гадоў, а захаваліся яны амаль у некранутым стане.
Сярод значных знаходак – валуны з ямкамі, камяні следавікі, значэнне якіх у жыцці і быце людзей яшчэ да канца не вызначана. Зразумела толькі, што яны з'яўляліся аб'ектамі пакланення богу. Сярод іх валуны ля вёсак Дварэц, Вуткі, Лыцавічы, Мішуты, Краснаполле. Яны будуць аб'яўлены помнікамі прыроды і ўзяты пад ахову. А раней выяўлены каля в.Бараўцы падобны камень, які валяўся ў меліярацыйнай канаве, устаноўлены ўжо каля Залы Выстаў краязнаўчага музея Вілейкі.
Як відаць, пры ўмелым падыходзе і камяні могуць што-небудзь расказаць. А наперадзе новыя пошукі і, магчыма, новыя разгаданыя таямніцы нашай мінуўшчыны. Валеры Мікалаевіч Рогач Выкладчык гісторыі ПТВ-48
Спасылка на навіну:
http://vialejka.org/2007/03/10/kamjan_jak_gstarychnyja_pomnk_vlejjshchyny.html
Адміністрацыя сайта можа размяшчаць артыкулы дзеля абмеркавання, не падзяляючы пункт гледжання аўтара. Пры выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт VIALEJKA.ORG АБАВЯЗКОВАЯ.