Хутка будзе 2 гады, як быў створаны пралукашэнкаўскі Саюз пісьменнікаў. Але працягвае дзейнічаць і альтэрнатыўны Саюз, гісторыя якога налічвае не адно дзесяцігоддзе. Камусьці гэтыя справы пісьменнікаў пададуцца нецікавымі і невартымі ўвагі Хтосьці сам не можа разабрацца ў адрозненні двух арганізацый. Каб людзі не былі абыякавымі да нашай гісторыі, трэба звяртаць іх увагу на такія прыкрыя факты, як гэты. Інснаванне ў краніне двух Саюзаў пісьменнікаў і двух Саюзаў журналістаў (БСЖ і БАЖ) мусіць аб нечым казаць. Не ўсё так добра не толькі з надаямі, але і з астатнім.
18 лістапада 2005 года адбыўся ўстаноўчы з’езд новай рэспубліканскай арганізацыі Грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Узначаліў яе палітык Мікалай Чаргінец. Паралельна працягвае існаваць Саюз беларускіх пісьменнікаў на чале з Алесем Пашкевічам.
Новая пісьменніцкая арганізацыя была створана пад крылом дзяржавы. Але, што самае цікавае, яна не можа пахваліцца вядомасцю сваіх членаў. Першапачаткова сярод іх было толькі 53 пісьменнікі, што маюць сяброўства ў Саюзе начале з Пашкевічам. Але з-за прымусовага загону ў новы Саюз, колькасць членаў у ім павялічваецца. Праўда, колькасць не адпавядае якасці.
Вось як тое каментаваў у інтэрв’ю “Народнай Волі” Алесь Пашкевіч:
– “Саюз пісьменнікаў Беларусі” – гэта тая назва, якую ў 1996 годзе адабралі ў нашай арганізацыі паводле распараджэння кіраўніка дзяржавы (грамадскім аб’яднанням было забаронена выкарыстоўваць слова “Беларусь”). Па звестках, якія да мяне даходзяць, людзей запрашалі менавіта на ўстаноўчы сход Саюза пісменнікаў Беларусі, хоць заканадаўствам забаронена грамадскаму аб’яднанню мець такую назву. Наколькі мне вядома, арганізацыяй дадзенага мерапрыемства займаліся ідэалагічныя ўпраўленні аблвыканкамаў.
На згаданы сход былі запрошаны толькі абраныя асобы. Сярод іх не было такіх выбітных пісьменнікаў, як Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Вольга Іпатава, Уладзімір Арлоў, Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Віктар Карамазаў, Валянцін Тарас… Спіс можна працягваць да соцен прозвішчаў. А калі А. Пашкевіч разам са сваімі намеснікамі Эдуардам Акуліным і Барысам Пятровічам паспрабавалі самі прыняць удзел у сходзе, то іх з залі вывелі Анатоль Аўруцін і Георгі Марчук з дапамогай хлопцаў у цывільным.
22 лістапада 2005 года кіраўніцтва СПБ правяло прэс-канферэнцыю. Вашай увазе прапаноўваем выказы пісьменнікаў.
Вольга Іпатава:
– Кожны з нас, каб стаць сябрам беларускага Саюза пісьменнікаў, праходзіў цэлае лета прыёмную камісію, секцыю, Раду. Зараз, кажуць, што на ўстаноўчы з’езд сабралі каля 130 чалавек. Калі там нават 53 члены СПБ, то хто астатнія восемдзесят з гакам? Я вам адкажу – гэта хутчэй за ўсё пачаткоўцы, літаб’яднаўцы… І іх, па сутнасці, прызначылі быць беларускімі пісьменнікамі! Такога ў сусветнай гісторыі я не памятаю!
Алесь Пашкевіч:
– У адной з дзяржаўных газет СПБ абвінавацілі ў тым, што ён займаецца палітыкай, а напрыканцы заметкі ёсць фраза, што кіраўніком новага Саюза пісьменнікаў Беларусі абраны вядомы палітык Мікалай Чаргінец.
Уладзімір Арлоў:
– Усё б гэта было смешна, калі б не было так сумна. Неяк пагартаў часопіс “Беларуская думка”, які прадаецца ва ўсіх кіёсках. Чытаю у літаратурным (не ў гумарыстычным, а літаратурным!) раздзеле верш:
Тем, что вижу,
Наполняю строки.
В Смиловичах, Лельчицах, Ушачах
Вкалывает каменщик на стройке,
Тракторист на пахоте ишачит.
А в водоёмах Беларуси
Хищники гнездятся хорошенько.
Кто они – дознаться не берусь я,
Если не поможет Лукашенко.
Я не ведаю, ці ўвайшоў у новаствораную пісьменніцкую структуру аўтар гэтых узнёслых радкоў, аднак думаю, што якраз такіх твораў і чакаюць зараз у Адміністрацыі прэзідэнта ад членаў новага Саюза пісьменнікаў.
На дзяржаўных служачых пачалі ціснуць, каб яны ўступалі ў новаствораны Саюз. Бо ахвочых па сваім жаданні станавіцца членам арганізацыі было ў нямногіх. Праз год пасля ўстаноўчага схода адбылося падсумаванне вынікаў працы. На тым зборышчы “пясьменнікаў” не далі выступіць рэдактарам дзяржаўных часопісаў “Маладосць” Раісе Баравіковай і “Полымя” Міколу Мятліцкаму. Яны збіраліся ўзняць пытанне з прымусовым загонам у Саюз. Пра тое ведалі адзінкі. Але і яны, відаць, данеслі. Некалі ў інтэрв’ю Васіль Быкаў сказаў, што з 10 сяброў 9 будзе здраднікамі. Але падумаўшы, сказаў, што з 10 усе 10 здраднікі. |