Вольга Іпатава – адна з тых нешматлікіх жанчын, што ствараюць беларускую гісторыю на яе сучасным этапе. Незаўжды, праўда, тое атрымліваецца так як хочацца. Часам бракуе часу, часам сілаў. А часцей з-за ціску з боку ўладаў… Пра гісторыю, а таксама літаратуру ды культуру наша размова з пісьменніцай.
Сяргей Макарэвіч: У гэтым годзе Вы адзначылі свой 60-гадовы юбілей. За гэты час шмат чаго адбылося ў Вашым жыцці. Азірнуўшыся на пройдзены шлях, якія падзеі можаце адзначыць як лёсавызначальныя?
Вольга Іпатава: Па-першае, трэба ўспомніць, што я і Рыгор Семашкевіч некалі, паступіўшы ў БДУ ў 16 год, былі самымі маладымі студэнтамі на той час. Для мяне гэта ўвогуле было вельмі складана, бо я закончыла школу ў дзіцячым доме. І фактычна я прыехала ў сталіцу з 10 рублямі на той час, у хлапчуковых чаравіках. Прыехала як бы скараць Мінск, як некалі Бальзакаўскі Гроі скараць Парыж. Гэта быў бля мяне адзін з лёсавызначальных момантаў.
Выданне першай кніжкі “Раніца” у 1969 годзе было таксама вельмі значнай падзеяй, таму што гэта была быццам не мая кніжка, калі так можна сказаць. У ёй быў плён высілкаў Гарадзенскага аддзялення Саюзу пісьменнікаў, які проста мяне падштурхоўваў да напісаньня гэтай кніжкі. Гэта быў Васіль Быкаў і Аляксей Карлюк, Данута Бічэль. Яны, калі так можна сказаць, узялі мяне ў абарот, і я ўрэшце-рэшт выдала гэтую кніжку. Гэта было таксама лёсавызначальным.
Яшчэ, нараджэння сына. Бо мой сын – мая найлепшая кар’ера. У мяне дастаткова прысвечана яму вершаў. Гэта сапраўды было для мяне вельмі важна. І цяпер я маю ня проста роднага чалавека, а маю саратніка, які ведае 6 моваў, ён дохтар. Трохі спрабуе сябе ў журналістыцы, і напісаў нават песьні на мае словы.
Можа быць яшчэ старшынства ў Саюзе пісьменнікаў. Яно прыйшлося на самы цяжкі час, калі абламіўся Саюз ад той дзяржаўнай галінкі, на якой ён трымаўся. Гэта адбылося пры мне. І, паверце, утрымаць Саюз пісьменнікаў, каб яго ня зьнішчылі, як тады зьбіраліся зрабіць, было вельмі важна. Мы, як кажуць, вытрымалі гэта ўсё. І цяпер ужо Саюз існуе абсалютна незалежна ад улады. Існаванне СПБ вельмі важна для сёньняшняй нацыянальнай ідэі. Я ганаруся, што мне, на адной мне, зразумела, удалося гэта зрабіць.
С. М.: Вы напісалі 2 кнігі дзіцячай паэзіі. Ці зьвяртаецеся сёння да гэтай тэмы ў сваёй творчасці?
Вольга Іпатава: Не. Гэта быў этап, калі вырастаў мой сын і я пісала яму вершы, сьпявала іх. Пагэтаму гэтыя кніжкі зьяўляліся. Цяпер я не пішу для дзяцей. Нават і не атрымліваецца.
С.М.: Кніга А. Петрашкевіча “Здрапежаная зямля”, В. Тараса “На высьпе ўспамінаў” і шмат іншых выходзілі за кошт аўтараў. Для выданьня вашых кнігаў заўсёды знаходзяцца сродкі ў выдавецтвах?
Вольга Іпатава: Прынамсі 2 кніжкі ў мяне былі выданы на палову за свой кошт: “Альгердава дзіда” і Кніжачка вершаў “Задарожжа”. Я наўмысна яе зрабіла такой самаробкай. Яе часткова зрабілі аматары маёй паэзіі. Я спецыяльна яе зрабіла такой, каб было бачна, што гэта той час, калі аўтару не даводзіцца думаць пра вонкавы выгляд, а трэба проста выдаваць зборнік. Канешне, цяпер, у прынцыпе, усё выдаецца за свой кошт, таму што сёньня ў дзяржаўных выдавецтвах выдаюцца толькі, я б сказала “прихвостки” улады. Амаль што за рэдкім выключэньнем. Ёсьць жа чорны сьпіс беларускіх пісьменьнікаў. Вось я ў гэты сьпіс і ўваходжу. Але мне гонар уваходзіць у яго зь лепшымі пісьменьнікамі Беларусі.
С.М.: Чаго б яшчэ хацелі дасягнуць у літаратуры?
Вольга Іпатава: Ды Божа мой, у мяне планаў столькі, што жыцьця на іх ня хопіць. І я ідэі свае шчодра раздаю іншым, і радуюся, калі яны ўвасабляюцца ў кніжкі. Напрыклад, у газеце “Культура” мы паднялі тэму “Сьвятыні беларускай зямлі”. Упершыню надрукавалі сьвятыя іконы Беларусі. Гэта ж цэлы пласт нашай рэлігійнай гісторыі. Я гэта падняць не змагла, ды і часу не было. І вось Алена Яскевіч ажыцьцявіла гэтую ідэю. Ірына Масьляніцына з Міколам Багадзяжам ажыцьцявілі маю ідэю пра нашых рыцараў, пра нашых прыгажунь куртуазнай беларускай літаратуры, якую заўсёды чытаюць. Вось зараз яны кніжку за кніжкай выпускаюць. А пачыналася ўсё з маіх артыкулаў пра Алену Глінскую, Кацярыну І. Я вельмі хацела такую кніжку напісаць, але ў мяне ўжо зьявілася іншая ідэя. Цяпер, скажу шчыра, мне хочацца напісаць пра нашых каралёў і вялікіх князёў. Калі хопіць жыцьця, сілаў, то паспрабую пра ўсіх напісаць. Гэта вельмі важна.
С.М.: Вы згадалі газету “Культура”. У свой час Вы рэдагавалі яе. А чым для вас зьяўляецца культура ў духоўным сэнсе?
Вольга Іпатава: Ведаеце, у нас была культура найвышэйшага кшталту, культура юрыдычная – статут ВКЛ. У нас была культура еўрапейская. І для мяне вельмі важна падкрэсьліць гэты еўрапейскі асьпект нашай культуры, нашай прысутнасьці ў еўрапейскім сьвеце. З нас паступова за апошнія 3 стагодзьдзі, я бяру прыкладна для сябе 3 стагодзьдзі: 2 у Расейскай імперыі і адно апошняе яшчэ ў Рэчы Паспалітай, калі афіцыйна была забаронена беларуская мова і пачаўся заняпад культуры. Дык вось, 3 стагодзьдзі, можна сказаць, – гэта Візувій, які пакрываў попелам забыцьця нашу культуру, якую варта сёньня адкапаць, паказаць, усё ж такі ісьці далей. У нас такі вялікі абрыў аказаўся паміж стагодзьдзямі. Яго трэба зноў запоўніць.
Гутарыў Сяргей Макарэвіч |