
Вілейскія медыкі — адны з лепшых у вобласці! Па выніках штогадовага абласнога агляду сярод арганізацый аховы здароўя Мінскай вобласці пераможцам сярод цэнтральных раённых бальніц стала Установа аховы здароўя "Вілейская цэнтральная раённая бальніца".
Акрамя пачэснага звання быць лепшай у вобласці, установа заахвочана грашовай прэміяй, а галоўны ўрач Ігар Спільнічэнка ўзнагароджаны Ганаровай граматай Мінаблвыканкама.
Медыцынскія сёстры-анестэзісты рэанімацыйнага аддзялення Ганна Лазовік, Таццяна Сарока і працэдурная медсястра Вольга Верамей, безумоўна, не супраць прызнання лепшымі медыкамі ў вобласці. Іх калегі (на здымку) старшая медсястра Ала Козел і Вольга Вашынка прытрымліваюцца такога ж меркавання.
Прызнайцеся: нам неяк не па сабе пры слове "рэанімацыя". Мы адразу ўяўляем сабе электрашокеры, амплітуду біцця сэрца на экране, якая, не дай бог, ператворыцца ў адну прамую...
Адзін знаёмы неяк прызнаўся: калі наведваю рэанімацыю, міжволі шукаю мяжу. Мяжу паміж двума станамі чалавека. Медперсанал рэанімацыйнага аддзялення ўсміхаецца:
— Паглядзіце на нашых пацыентаў! Большасць з іх — нічым не адрозніваюцца ад звычайных хворых у кардыялогіі ці тэрапіі.
Сапраўды, так. На тварах пацыентаў можна нават злавіць усмешку. Вядома, здараюцца пазаштатныя сітуацыі, калі чалавека, натуральна, "выцягваюць" з таго свету. Дапамагае высакаякаснае абсталяванне, але галоўную ролю іграюць людзі.
Вельмі добра, што значная большасць вілейскіх людзей працягваюць працаваць, радаваць родных і блізкіх, проста жыць. Ім выратавалі жыццё і падарылі надзею.
Анатоль ЗАНКАВІЧ
фота аўтара.
У наступных нумарах "ШП" чытайце больш падрабязныя матэрыялы аб
Вілейскай цэнтральнай бальніцы.