Увечары 1 ліпеня адбылося тэставанне новага фантану на плошчы Леніна. Але першыя ўражанні непаўнавартасці з'явіліся яшчэ за некалькі дзён да гэтага.
Плітка. Блакітная плітка, каторая выклікае думкі "back to ussr". На складзе завалялася? Засталася з тых часоў, засталася ад басейну? Адкуль такая безгустоўнасць? Такі важны і адказны аб'ект: фантан на галоўнай плошчы! Не хапіла грошай? Не хапіла жадання? Не хапіла спецыялістаў?
Дзіркі. Вядома, цэнтральны фантан - патэнцыйна цэнтральны басейн. Толькі страшна за тых людзей, што ступяць на плітку, гатовую ў любы момант паклікаць у свае старажытныя часы, і паламаюць ногі. Тэхнічны бок фантану нейкі дзіўны. Усе трубы знаходзіцца ў свабодным доступе. Ноччу спакойна прыходзіш са сваім ключом і, глядзі, фільтр ужо твой. Эканомія? Недапрацоўка? Спадзяюся, да афіцыйнага адкрыцця, усё будзе дароблена.
Тэставанне. Чалавек 70 прысутнічалі каля яго. Самая важная будоўля апошняга стагоддзя. Што трэба яшчэ? Нічога! Крызіс? Які крызіс? Грошы на фантан ёсць, значыць крызісу няма. Дый навошта простаму чалавеку на яго звяртаць увагу? Усё развіваецца, усё паляпшаецца. Вось і плошча цяпер з фантанам. І сапраўды вядома, што працаваць на бліжэйшыя святы ён дакладна будзе. А далей - як карта ляжа.
Пальмы. Не стала адной пальмы. Прайшло 2 гады і цяпер нашая галоўная плошча засталася без галоўнай славутасці гэтых год. Дзе яна? Клімат змяняецца. Цяпер у нас цёпла (па адной з магчымасцяў развіцця клімату, Беларусь будзе ў тых кліматычных умовах, што Кіеў зараз). Магчыма, пальмы спатрэбіліся дзесьці на далейшай поўначы, дык іх і збіраюць па адной, каб усё ж і там, дзе холадна, стала цяплей.
Правадыр. Помнік Леніну нездарма павярнулі тварам да плошчы, бо толькі тут ён здольны ўбачыць сапраўдныя змены горада. Бачыў натуральна чырвоную плошчу, бачыў пальмы, каторыя як сапраўдныя сохлі і іх прыбіралі. Цяпер бачыць новыя ліхтары, зусім незвычайны кампанент - фантан, які так і хоча падняцца вышэй за Леніна, але нельга. Правадыр за гэтым пільна сочыць.
Гарачая вада. У дамах па вуліцы Талстога адсутнічае гарачая вада. Прычына - усе занятыя падрыхтоўкай фантану і няма каму класці трубы. Жыхары расказваюць, што ім было прама сказана, спачатку фантан, а пасля толькі гарачая вада. Мабыць, правадыр не можа пачакаць. Ён жа таксама чалавек.
Дзеці. Вада заўсёды прываблівае малых дзетак. Так і хочацца пахадзіць па ёй. Асабліва ў спёку. Але небяспечна. Ямы ў фантане не прыкрытыя. Слізка...
Шкада, калі выявіцца, што фантан, які яго бачылі пры тэставанні, ужо цалкам гатовы да працы. Падсветка вады - пытанне для спрэчкі. Ці будзе працаваць басейн, прабачце, фантан па начах? Цямнее цяпер позна. Моладзі да 18 знаходзіцца пасля 23-й на вуліцы без дарослых забаронена. Хто будзе глядзець на яго? Падаецца, з'явілася ў нашым горадзе яшчэ адно месца, дзе можна пасядзець культурна на лавачцы і некультурна папіць гарэлачкі. Смецце можна выкінуць тут жа пад лаўкамі, бо сметніцаў на ўсіх не хопіць. Нашаму народу патрэбна сметніца мінімум каля кожнай лавачкі, а лепш па дзве. Міліцыі цяпер трэба дзяліцца. Адна частка працуе ў парку, а другая - на плошчы. Эканомія яшчэ нагадае пра сябе. Найчасцей задаецца пытанне, а ці будзе працаваць той фантан у звычайныя буднія дні? Ці будзе уключацца толькі пры праверках і трох святах? І не стане так, што праз год-два ён будзе нікому непатрэбным? Але адно дакладна вядома, правадыр усё бачыць! Толькі вось адзінае, што не бачыць ён, што існуюць раёны роднай Вілейкі, дзе няма асфальту, але ёсць ямы, ёсць неразабраныя крамы, але ёсць людзі, каторыя там жывуць. Але няма праверак, каторыя б гэта ўбачылі. Але гэта не цэнтр горада...
Спасылка на навіну:
http://vialejka.org/1822-pravadyr-usjo-bachyc.html
Адміністрацыя сайта можа размяшчаць артыкулы дзеля абмеркавання, не падзяляючы пункт гледжання аўтара. Пры выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт VIALEJKA.ORG АБАВЯЗКОВАЯ.
А яшчэ давялося выслухаць некалькіх чалавек, каторыя скардзіліся на тое, што зарплату затрымалі на тыдзень-паўтары з-за таго ж фантану. Бо, кажуць, туды ўсе грошы пайшлі... Жах, спачатку справы свае, а пасля ўжо народу зарплату... Калі ж такое скончыцца???
А ты мяркуеш, што карове лёгка штодня выходзіць на пашу, даваць малака, а ў рэшце рэшт - на мяса... А чым лягчэй сьвіньням? Адно што гэтым і бадзяцца нідзе ня трэба - усё само ў хляўчуку зьяўляецца, ясная справа - дзякуючы "вышэйшаму інтэлекту двухногіх істотаў". Авечак стрыгуць, стрыгуць, стрыгуць - выкарыстоўваюць усё іх жыцьцё - вынік вядомы... Вельмі пасуе гэтаму жывёльнаму шэрагу наш "гераічна-працавіты" люд... "Такое" ня скончыцца ніколі... Жывёла яна і ёсьць жывёла: новае карытца, новы хлеў, зараз во і ў фантане са сьвежай вадзіцай паплёхацца можна - бач, як гаспадар апякуецца-турбуецца, абы гадаванцы ня спыняліся, даваліся даіцца, стрыгчыся, ахвяравалі мясам сваім і жыцьцём "за начальніцка-калгасную процветаюсчую і стабільную" ферму імя Лукі... Скончыцца гэта толькі тады, калі ў людзях памрэ бяздумная тупая жывёла... Азірніся - што ты бачыш? Я дык усё часьцей сьвіныя рылы...